ЭФІ́РНЫЯ АЛЕ́І,

шматкампанентныя сумесі арганічных злучэнняў, якія выпрацоўваюцца эфіраалейнымі культурамі і абумоўліваюць іх пах. Ахоўваюць расліны ад паразітаў, прывабліваюць насякомых-апыляльнікаў, памяншаюць цеплааддачу расліны і інш. Найб. пашыраны анісавы, бергамотавы, гваздзіковы, гераніевы, каляндравы, лавандавы, леманграсавы, мятны, піхтавы, ружавы, шалфейны, эўкаліптавы алеі.

Празрыстыя лятучыя бясколерныя ці афарбаваныя (жоўтыя, зялёныя, бурыя) вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў тлушчах, малапалярных арган. растваральніках (бензоле, петралейным і серным эфірах); аптычна актыўныя. Пад уздзеяннем святла і кіслароду паветра хутка акісляюцца. змяняюць колер і пах. У складзе пераважна тэрпены і іх вытворныя (пінены, камфен, ліманен, камфара), таксама гетэрацыклічныя і араматычныя злучэнні. Для вылучэння Э.а. выкарыстоўваюць сыравіну сырую (зялёная маса герані, кветкі лаванды), падвяленую (мята), сухую (карані аеру і касача) ці ферментаваную (кветкі ружы, дубовы мох). Атрымліваюць Э.а. перагонкай з вадзяной парай, экстракцыяй арган. растваральнікамі. прасаваннем і інш. Выкарыстоўваюць у харч., парфумерна-касметычнай прам-сці, медыцыне і тэхніцы.

т. 18, кн. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)